«ЦЁПЛЫ ВЕ́ЦЕР»
(«Föhn»),
кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў абапал чыгункі Лунінец—Баранавічы (Лунінецкі, Ганцавіцкі, Ляхавіцкі, Клецкі р-ны) 2—23.3.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася баявымі групамі Бінца (23, 57, 271-ы паліцэйскія батальёны, батальён «Рускай нацыянальнай народнай арміі», батальён СС Дырлевангера), Грыпа (2-і паліцэйскі полк), Нікеля (13-ы паліцэйскі полк) пад камандаваннем обергрупенфюрэра СС Готберга. Гал. мэты — знішчыць партыз. фарміраванні, што вырваліся з блакады ў час аперацыі «Русалка», — гітлераўцам дасягнуць не ўдалося. За час аперацыі карнікі загубілі больш за 540 сав. грамадзян, захапілі 1226 чал. для вывазу на -катаржныя работы ў Германію, разрабавалі і спалілі дзесяткі вёсак, у т. л. Пясчанікі (загубілі 38 чал.) Лунінецкага, Залужжа (60 чал.), Свяціца (106 чал.) Ляхавіцкага р-наў; забралі ў насельніцтва 2890 галоў жывёлы, больш за 7 т ільновалакна, 5 т ільнасемя, 563 т збожжа. На кароткі час гітлераўцам удалося аднавіць рух па чыг. Лунінец—Баранавічы і Пінск—Мікашэвічы.
У.С.Пасэ.
т. 17, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)